|
 | СEКС — SEX |  | * * * Гiсторыя ведае выдатных людзей, якiмi рухалi пошукi асалоды альбо каханне, але я не памятаю такiх, хто быў бы юрлiўцам. Тое, што складае галоўную якасць адных, не дазваляецца другiм нават як слабасць... Канстатуе маралiст Вавенарг. Нязгодны. Рафаэль, якi не ўмеў чытаць i памёр на жанчыне, не менш выдатны за любога Вавенарга цi Расiна. * * * У гомасексуалiзме i лесбiянстве здзiўляе не тое, што чалавек кахае iстоту свайго полу, а тое, што яны ходзяць парамi, жывуць парамi i, апрача ўсяго, рэгiструюць шлюбы. Давядзецца пагадзiцца з Люкам дэ Клап’е дэ Вавенаргам, якi заўважыў... Чалавек, як iстота недасканалая, не можа iснаваць у адзiноце. А так было б добра iснаваць адасоблена. Найлепей думаецца, пiшацца, працуецца на адзiноце. * * * Большасць каханак варта браць нахабна, пакуль яны яшчэ не разабралiся ў сваiм стаўленнi да цябе. * * * Закахаўся? Спрабуй спакусiць жанчыну грашыма або рэчамi, бо асноўная перашкода вашай блiзкасцi — твае моцныя пачуццi. * * * Добра кахацца ва ўласнай кватэры. * * * Прыемна займацца каханнем у пакоi, калi ведаеш, што ў яго нiхто не зойдзе. * * * Няблага ладзяцца эратычныя гульнi ў закрытым невялiкiм басейне. * * * Зручна кахацца ў пакоi ў прастытуткi, калi адкiнуць прымхi з забабонамi. * * * Асаблiвую асалоду прыносiць секс на новым ложку, купленым дзеля сямейнай эротыкi i спакойнага сну. * * * Блага кахацца на ложку бацькоў. * * * Непрыемна забаўляцца з каханкаю, калi ёсць боязь, што нехта назiрае за вамi. * * * Блага распачынаць эратычныя гульнi ў кватэры замужняй палюбоўнiцы. Як бы ты нi намагаўся, але пачуццё небяспекi будзе авяваць спiну лёгкiм скразняком. * * * Займацца ў лесе любоўнымi забавамi кепска. Шукаеш-выбiраеш зацiшны куток, а калi знайшоў, i кабета абняла цябе, i пачалi вы танец, ахвяраваны Эроту, вось тады i з’яўляецца валацуга. I не каб прайсцi i адвярнуцца, наадварот — стане i пазiрае; зразумела, каб дзiця недасведчанае, а то дарослы чалавек. Зрэшты, i дарослы — зразумела. * * * Не дае наталення акт, здзейснены ў гатэльным нумары. Асаблiва раздражняюць крокi на калiдоры. Здаецца, вось зараз пакаёўка пагрукае ў ненадзейныя дзверы i запрапануе якi-небудзь зусiм яшчэ непатрэбны ручнiк. * * * Займацца сексам у пакоях уласных дзяцей-падлеткаў няўтульна. Я не пазбаўлены жадання выхаваць дзяцей у цноце. Прысутнасць вялiкай колькасцi iхнiх рэчаў — цацак, кнiжак, апранах, чаравiкаў — не дае разняволiцца i аддацца сексу напоўнiцу. * * * Калi спалучыш матэматыку з эротыкай, атрымаецца нешта спрошчана медыцынскае, накшталт гiгiены. * * * Забаўна слухаць хрысцiянскiх артадоксаў, калi пачынаюцца развагi пра "глыбiню цялеснае любовi". Асаблiва смешна гучыць з iх аблямаваных барадою вiшнёвых вуснаў слова "глыбiня". * * * Любiш не тую жанчыну, з якою кладзешся ў ложак, а тую, з якой прачынаешся. * * * Апошняя кропля спермы нагадвае даволi просты вобраз кропкi пасля сказа. Вось i скончыўся акт, але ты яшчэ не выйшаў, ты расслаблены ў жаночых нетрах, i тут, у разняволенасцi ды спакоi, без усялякае напругi, як бы сама сабою выштурхоўваецца астатняя кропелька. I толькi пасля наплывае сум. * * * Ёсць некалькi рэчаў, да якiх не знiкае цiкаўнасць на працягу жыцця. Адна з iх — палавыя адзнакi. * * * Зыркае святло адштурхоўвае ад кахання. * * * Трэнне скуры — аснова эротыкi. * * * Эротыка i эратычнае — тое, што маруднае i легкаважнае, а парнаграфiя — наадварот — дынамiчная, агрэсiўная i яркая. * * * Сустракаць даўнюю каханку крышку сорамна. * * * Каханне — ахова спакою любiмай iстоты. * * * Кастапраў i ў каханнi бачыць наступствы хваробы хрыбетнiка. * * * Не патрабуй праўды ад каханкi — шчырасць разбурае каханне. * * * Рэўнасць — рашучы крок да страты кахання. * * * Пра недахопы каханкi гавораць у мiнулым часе, як i пра яе цудоўныя якасцi, бо каханка ў сапраўднасцi — таямнiца за сямю пячаткамi. * * * Самая раўнiвая жонка — нечая кiнутая каханка. * * * Захапленнi, як i каханне, патрабуюць узаемнасцi. * * * Калi пачнеш разглядаць каханне з боку навукi, а не эротыкi, дык можаш цалкам пагадзiцца з выказваннем Ларашфуко: "Каханне найдакладней параўноўваць з гарачкаю: iхнiя цяжар i працягласць анi не залежаць ад нашай волi". Але зводзiць эротыку да медыцыны — недаравальная загана абмежаваных матэрыялiстаў. * * * Любоў, як i сяброўства, залежыць ад прысутнасцi i адлегласцi. Чым блiжэй чалавек, тым лягчэй захоўваць з iм добрыя адносiны. А вось каханне вымагае адсутнасцi, яно iснуе ў тваiм уяўленнi. Рэальная прысутнасць каханага чалавека, ягоная блiзкасць разбураюць цнатлiвае пачуццё. * * * Не палюбiш сябе, i цябе не палюбяць. * * * У палымянасцi страсцяў можаш i не заўважыць болю, якi прынёс любiмаму чалавеку. * * * Самыя высокiя думкi, паводле Вавенарга, падказвае нам сэрца. Карцiць дадаць... Сярэднiя думкi падказвае страўнiк, а нiзкiя — чэлес. Зрэшты, усё залежыць ад паставы, у якой знаходзiцца цела. * * * Любiць сябе проста, а паважаць — цяжка. * * * Калi думаеш, што жанчыны цэняць у мужчыне сцiпласць i памяркоўнасць, — памыляешся. Каханкi шануюць разбэшчанасць i напорыстасць. * * * Спытай мяне, што больш за ўсё на свеце не любяць прыгожыя жанчыны... Уласны фотаздымак у пашпарце. * * * Узнаўленне — нязменная ўмова нашага iснавання... Жанчына адчувае гэтую iсцiну лепей за мужчыну. * * * У класiкаў фiласофii, у Вавенарга ў тым лiку, здзiўляе хваравiтая неабыякавасць да жанчын. * * * Ёсць жанчыны, у якiх iнтымныя гульнi выклiкаюць смех. Зрэшты, гэта не так i мала. * * * Павабна глядзiцца жанчына на сiнiх прасцiнах, цела — жывое золата. Наогул, еўрапейскiм жанчынам больш пасуе цёмная бялiзна, а вось азiяцкiм — светлыя драпiроўкi. * * * Калi стамiўся, а жанчына пад табою возьме i пазяхне, так i закарцiць яе ўдарыць. * * * Што можа быць горш, чым застацца сам-насам з непрыгожай i неразумнай жанчынаю? * * * Куды нi глянеш — паўсюль толькi горш. Узрост. Няма таго, што раней было. Пацiху старышся. Але ёсць момант... Усё больш i больш навокал прыгожых, жаданых, павабных жанчын. * * * Непрыгожыя дзявулi, якiя са скуры лезуць, каб толькi спадабацца прадстаўнiкам супрацьлеглага полу, робяцца падобнымi да жабрачак, што выпрошваюць грошы каля гастраномаў. Дзiўна, але ў адных i ў другiх атрымлiваецца дамагчыся свайго, праўда, па драбязе. * * * Жанчына паядае мужчыну. Ратунак у апошняга адзiн — уцёкi. * * * Рэўнасць вынайшлi брыдкiя жанчыны. * * * Пажадаю творам Вавенарга яшчэ i такое... Хай творы выбiтнага маралiста прачытае эмансiпаваная злосная сучка. * * * Убачыўшы жанчын, што задушылiся на алiўкавым дрэве, Дыяген Сiнопскi прабрахаў: "Вось каб на ўсiх дрэвах такiя плады!" У наш час эмансiпацыi гэткую экспрэсiю паводзiн пераўзысцi немагчыма, хiба што нейкая спаднiца праверашчыць падобнае пра мужчын. * * * Дзеля каго падмалёўвае бровы жонка сляпога?.. Пытаецца Томас Фулер. Дзеля таго самага Дона Жуана, дзеля якога спявае жонка глухога. * * * Мужчына i жанчына — вечны двубой. Каханне працягваецца, пакуль няма пераможцы, пакуль адзiн не выказаўся цалкам i нешта не дагаворваецца, пакуль iснуе таямнiца... А калi нарэшце адзiн прайграў, а другi не паказаў выгляду, што выйграў, i пачаў тактоўна падтрымлiваць слабейшага, тады ўзнiкае сям’я. * * * Шмат хто сумняваецца, а многiя сцвярджаюць адваротнае, але прорву можна пераскочыць толькi за два скачкi, першы з якiх мусiць зрабiць мужчына, а другi — жанчына. * * * Канспiрацыю распрацавалi жонкi, якiя здраджвалi мужу. * * * Мы хаваем бацькоў значна раней, чым яны памiраюць. * * * Люблю Вавенарга яшчэ i за тое, што ягоныя "Фрагменты" i "Афарызмы" чытаў i цытаваў мой бацька. * * * Як пазбегнуць найвялiкшай страты — смерцi мацi? Пайсцi з жыцця раней! Нашто было пытацца?
|
|