 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Вокліч над возерам Шо
|
|
2 На станцыі Зябкі распытала дарогу да возера, і станцыйная работніца параіла мне дачакацца мясцовага аўтобуса, які ішоў у вёску Псуя. І вось я ўжо на месцы. Возера гэтае не было падобнае ні на адно, якое мне даводзілася бачыць. Круглае, такое, як малююць у мульціках і казках, яно й сапраўды было казачным. А вакол зеляніна, зеляніна, зеляніна... Вёсачка, праз якую я выйшла на бераг Шо, была згубленаю ў бязмежнае зеляніне, нібы згубленаю ў часе, а можа, так яно і было. Жыхары гэтае вёскі жылі сваім асобным жыццём, і я б не здзівілася, калі б патрапіла на якое-небудзь іхняе мясцовае паганскае свята з ахвяраўскладаннем. Але пачыналася пятніца, мне патрэбна было знайсці сваіх. Я акінула вокам, на колькі гэта было магчыма, возера, на тым беразе бачылася нейкае збудаванне (рэшткі панскага маёнтка) і мне падумалася, што сябры маглі быць там. Альбо дзесь там паблізу. Мяне цягнула пайсці па правай руцэ, але я чамусці вырашыла, што лепей будзе налева... Сябры былі на гэтым беразе. Па правую маю руку... Вырашыць было лёгка, значна складаней апынулася гэта зрабіць. Я выйшла на бераг возера а восьмай гадзіне раніцы. Калі я вярнулася ў вёску, было ўжо апоўначы. Па сцяжынцы, якую мне паказалі мясцовыя жыхары, я выйшла да масточка, што быў перакінуты праз маленькую рачулку (з мапы, якая фатаграфічна захавалася ў памяці, я ведала, што гэта перашыек паміж возерам Шо і яшчэ адным вадаёмам, таксама вялікім, які быў паблізу станцыі). Далей дарога вяла паўз узлесак. Я ішла, ішла, ішла... Пад левую маю руку раз-пораз падбягала пшанічнае поле, і я лушчыла каласкі. Я вышла да нейкае фермы, дзе жанчыны даілі кароў, мне моцна хацелася піць, але я да іх не падыходзіла. Далей дарога вывела на ашфальт. Працягваць ісці? Куды? Відавочна, гэтая дарога вядзе ў бок ад возера, далей ад тога берага, на які мне было патрэбна патрапіць, і я вырашыла вярнуцца на масточак. Недалёка ад яго быў узгорачак, з якога добра праглядалася ці не ўсё возера. Але арыентыру, на які можна было б абаперціся – бел-чырвона-белага сцяга – нідзе не было (яго знялі). Пільней углядаючыся ў гэтае казачнае люстэрка, знайшла два чоўны і злавіла думку, што можна было б скарыстацца якім з іх – але я не ўмела плаваць, як і кіраваць чоўнам, да таго ж, магчыма, яны былі няспраўнымі. Можна было выйсці і на поплаў, з якога можна было б абгледзець большую прастору, але для гэтага патрэбна было прайсці праз узлесак. Я хацела вярнуцца на тое месца, куды прыйшла з аўтобуса, каб пайсці у правы бок, але я яго не знайшла... Я не знайшла лугу, праз які прайшла па сцёгны ў траве. Я не знайшла зруба, які стаяў унізе на беразе. Возера было зачараваным. Вярнуўшыся потым дадому я доўга разважала – а ці не засталася я там? Ці не села я ў човен і ці не паплыла я на сярэдзіну возера?.. Я не памятаю, колькі разоў сыходзіла з гэтага пагорка, ішла па той самай сцежцы, ізноў вярталася, углядалася ў глыбокую ваду... Заплечнік зрабіўся мне цяжкім. Я ўжо проста цёгала яго за сабою за лямкі. У галаву прыйшла думка прайсці праз узлесак – можа, так я выйду да вады, адкуль можна будзе хоць крыху больш зарыентавацца? І прадзёршыся праз ламачча і лоўж, я ўбачыла наперадзе светлы прагал. Я ведала, што пакідаць заплечнік ні ў якім разе нельга – ён згубіцца. Але пакінула яго пад дрэвам, выйшла на прагал, упэўнілася, што гэта ўсяго толькі (балота) палянка, павярнулася, каб ісці за заплечнікам. І скамянела. Заплечніка не было. Ён быў дзесь тут, пад дрэвам, але я яго не бачыла. Магчыма, я глядзела акурат на яго, але я заплечнік ужо згубіла. І вось тут адчай ахапіў мяне. Стомоленасць падарожжа, рызыка – усё гэта нібы як спала, пакуль у мяне была мэта знайсці сваіх. Мэта засталася, але страта заплечніка перакрыла ўсё. Праграма збілася. І мяне ахапіў адчай. Кінуўшыся ў розныя бакі, я зразумела, што зусім крыху засталося, каб згубіцца самой. Выйшла на тую ж самую сцежку. Пастаяла на ўзгорачку. Паглядзела на масточак. Махнула рукою – глупствам болей ці меней – і сышла ў ваду, каб па ёй дайсці хоць бы да чаго канкрэтнага. Спачатку вада не даходзіла і да каленаў, але чым далей я рухалася, чым больш нахілялі свае галіны прыбярэжныя ракіты, тым больш узровень вады падымаўся. І калі я ўрэшце дайшла да бабровае плаціны, вада мне ўжо была па грудзі. Далей рухацца было насамрэч глупствам, таму што я не ўмела плаваць, а густота галінаў не давала магчымасці вылезці на бераг. Я вярнулася на масточак. Выграбла з пальцаў ног жменьку маленькіх п’явак і рушыла ўсё ў тым жа накірунку. Па сцяжынцы. Абсохнуць. А бабра я не бачыла. Пачныла цямнець, я яшчэ раз паспрабавала адшукаць заплечнік, але доўга праблыталася, шукаючы тое месца, адкуль збочыла ў падлесак. І калі на возера нарэшце апусцілася ноч, я спачатку вырашыла заначаваць сярод дрэваў – можа, не так будзе халодна... але пранізліва зазвінелі камары, ад авадзеняў дык і ўвогуле на працягу дня немагчыма было знайсці паратунку. І не вытрымаўшы я падхапілася з месца, вярнулася ў вёску, сярод цемры нейкім чынам здолеўшы знайсці згубленыя хаткі, і папрасілася пераночыць у першы зкраю дом.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|