 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Вокліч над возерам Шо
|
|
4 Я вярнулася ў вёсачку папрасіцца пераначаваць. І вось тут яшчэ адзін цуд. Я толькі адчыняла брамку, каб увайсці ў двор да аднае хаты, а з дзвяроў дому выйшла жанчына. Потым яна так і не здолела растлумачыць, што яе пацягнула выйсці ў двор. Я папрасілася пераначаваць. Сям’я, якая мяне прытуліла – муж з жонкаю і дачкою і яшчэ адна жанчына, іхняя сваячка – апынулася вельмі дружнаю. І як у казках, яны мяне спачатку адпаілі, пакармілі (прымусілі выпіць стопачку – інакш я б ужо зайшлася), налілі ў тазік вады, каб я адпарыла свае здранцвелыя падзёртыя ногі (каб ведалі раней – лазню б распалілі – гаспадар мне так і сказаў), спаць уклалі, а на раніцу пачалі больш распытваць – што і як. Прозвішча гэтае сям’і – Багалюбавы. Яны мне давалі сваю адрэсу ў Наваполацку – тут у іх была дача. Але нажаль, тая сурвэтка не захавалася, а на паперу я не паспела перапісаць. А вельмі б хацелася б пабачыць іх яшчэ раз. Раніцою гаспадар з дачкою пасадзілі мяне ў сваю машыну і пракацілі па наваколлю – вакол возера. Яны прапаноўвалі паспрабаваць знайсці заплечнік , але гэта была толькі марнаю стратаю часа. На тым баку возера, да якога я так і не дайшла, мы знайшлі змятую траву памерам з бусік – тут, як я потым даведалася, былі мае сябры, але яны потым перамясціліся – вось чаму мяне цягнула менавіта сюды. А праехаўшы яшчэ колькі, мясцовы сустрэчны жыхар паведаміў нам, што дзесь ён бачыў вялікі кагал моладзі з заплечнікамі. І мы паехалі туды. Сапраўды, ля дарогі сядзелі людзі. Машына яшчэ не спыніла свае хады, а я ўжо выскоквала з яе, убачыўшы знаёмыя твары. Я магу толькі уявіць сабе, якія былі ў хлапцоў вочы, таму што я паспела роўна за пятнаццаць хвілінаў, як яны збіраліся пакідаць гэтыя мясціны. І мне было ўжо нічога не патрэбным. Я сядзела і адно лыбілася, але ўсмешка мая, відавочна, была такою змучанаю і нацягнутаю, што сябры проста не паверылі, што са мною ўсё добра. За мяне яны падзякавалі і развіталіся з Багалюбавымі. Калі прыйшоў бусік, было прапанована ўсё ж такі пашукаць заплечнік. Я паказала дарогу, дзе машына магла праехаць, а ад мастка патрэбна было ісці пехам. Са мною рушылі Паша і Міша. Але па дарозе ўжо вяла не я. Ішоў Паша, а я толькі згаджалася на ягоныя арыентыры – у мяне ўключыўся аўтамат. Зрабілася млосна і ніякавата ад таго, што ўсё было так проста, а я... я знайшла дуб. Ля тае сцежкі, па якой я праходзіла тысячы разоў, сярод выбухной зеляніны на невялікае прыроднае пляцоўцы стаяў дуб. Стары. Сухі. Голы. Дуб, што паспрачаўся б з дубам Льва Талстога ў “Вайне і міру”, з якім сустрэўся Андрэй Валконскі. Дуб, які стаяў тут стагоддзі, які бачыў шмат, і шмат мог бы расказаць, але зараз ён не мог нават і прашаптаць – на ім не было ні аднаго лісцейка, дрэва было занадта старым. Дуб, які бачыў каралей, пад якім не аднойчы скрыжалі свае мячы ваяры, пад якім ладзілі спатканні закаханыя... Дуб, які бачыў войны і перамогі. Дуб, які тут быў цэнтрам. Ён захаваў у памяці сваёй і маё падарожжа, ён ведаў, дзе схаваўся мой заплечнік, але ён вырашыў прыдумаць для пакінутае рэчы сваю легенду, сваю гісторыю... Дуб, на які звярнулі ўвагу ў захапленні хлапцы... Нарэшце Паша убачыў-такі маё аўтаматнае становішча і махнуў на пошукі рукою. Мы вярнуліся да бусіка і рушылі ў зваротную дарогу. Мне нічога не хацелася, і было вельмі добра, што сябры ні пра што не рапытвалі. Мне проста было файна ад таго, што я нарэшце была разам з усімі. Праз дзень я вярнулася дадому. Змораная, стомленая, брудная абдзёртая котка. Але задаволеная падарожжам. Тыдзень давялося праваляцца, каб адыйшлі ногі – настолькі яны былі адзеравянелымі. Я ні пра што не пашкадавала. Ні аднае хвіліны не прайшло ў падарожжы задарма. Я пазнаёмілася са сваёю краінай. Я ўбачыла яе прыгажосць. Я проста не ўяўляла сабе раней, якая яна ёсць, мая Беларусь. Магчыма, тут, у гэтым аповядзе, я не здолела раскрыць поўнасцю тое ўражанне, тое захапленне, якое да мяне прыйшло... каля старога дуба, але ўсё патрэбна ўбачыць сваімі вачыма. І не патрэбна ехаць кудысь у розныя краі, для таго, каб любіць сваю краіну. Трэба проста убачыць яе, пачуць яе, адчуць Беларусь. Я ніколі раней так не любіла Радзіму, як закахалася ў яе са свайго падарожжа. Я не абуралася на сяброў і мне не патрэбна было выслухоўваць іхнія апраўданні наконт несустрэчы ў першы дзень. Я была ім удзячнаю, што сябры падарылі мне такую цудоўную магчымасць – убачыць краіну. Знайсці згублены некалі, першаствораны рай, у які ўсе жадаюць вярнуцца і імкнуцца адшукаць недзе там, немаведама дзе, і не знаходзяць, таму што не ведаюць ісціны. Таму што Беларусь – гэта і ёсць Рай.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|