3 Там жылі старыя. Дзед з бабаю. Не хапала толькі калабка, козліка ці каго яшчэ там казачнага. А можа, хтось і быў, таму што у старых быў нейкі натапыраны выгляд. Хаця, калі ўлічыць, што на дварэ стаяла глыбокая ноч і яны даўно, па ўсяму, ужо спалі, а тут раптам грукаюся я ні з тога ні з сёга, то выгляд будзе яшчэ і не такім... калі насамрэч чагосьці можна было б баяцца. Мясціны тут глухія, хто яго ведае, можа, якія бандыты й наведваюцца раз-пораз, а можа, хтось прыходзіць і пастрашней звычайных злодзеяў... Але пусцілі, далі падсілкавацца вадою з варэннем і ўклалі спаць. Не перамінуўшы засцярожана ўсё ж пацікавіцца, а ці не збегла я з хаты, а ці не шукае мяне хто. На самым ранку я з імі развіталася і працягвала сваю блытаніну па наваколлі, таму што мае дзеянні ўжо можна было назваць менавіта гэтак. Я хацела спачатку адшукаць свой заплечнік, перш, чым працягваць пошукі сяброў. Я вярнулася да сваіх учорашніх слядоў. Але ўдадатак да ўсяго пачаўся дождж. Ліўся, ледзяны, пранізлівы, нават здзеклівы, бо не было ад яго паратунку, а была толькі смага, прытоленая ўначы і прачнутая зараз. І была гэтая смага такою моцнаю, што я не ўтрывала, хапала іртом ледзяную вільгаць, піла яе з галінак дрэваў у падлеску, ды смага не знікала, а яшчэ больш распалялася... Дождж скончыўся гэтаксама раптоўна, як і пачаўся. На той момант я выбралася праз падлесак на прагаліну. У галаву прыйшла думка, што можна было б з гэтага боку, па роўнае зямле, не блытаючыся між дрэваў, знайсці той невялічкі прыгорачак, на які я выйшла, пакінуўшы заплечнік. Думаць заўсёды лягчэй і прасцей. Гэтая роўная палянка апынулася балотцам. І добра, што мне ў галаву яшчэ не прыйшла думка перайсці палянку ўпоперак, каб выйсці на той бок падлеска, які, магчыма, вывеў бы мяне на поплаў. Зараз я сама здзіўляюся, чаму тады я пра гэта не падумала, мусіць, што галава была занятаю мэтаю адшукаць заплечнік. З-за таго, што збілася праграма марш-кідка, я зараз сяжу і пішу гэтыя радкі. Хаця, таму што мой аповяд пабудаваны менавіта на думцы – а можа – магчыма, усё не так проста. Можа, я засталася на пераездзе, збочыўшы на вядзьмарскі шабаш. Можа, я патанула ў возеры, сеўшы ў човен. Можа, гэтыя старыя былі не проста старымі, а... Можа, я засталася ў гэтым балоце. А можа, гэтыя мае развагі выкліканы тым, што там проста застаўся мой заплечнік. Частка мяне. Усе рэчы маюць не проста сваю энергетыку, а энергетыку іх гаспадара. Яны ўмеюць гаварыць, яны уздзейнічаюць на чалавека нейкім невывучаным дагэтуль дзесятым адчуваннем. Знакаміты фантаст Дж. Олдзі вельмі яскрава разгарнуў рэчавы свет у трылогіі “Шлях мяча”, дзе зброя не проста “звінела, хрыпела, хацела”, але жыла, разважала, уздзейнічала на чалавека. Калі чытаеш падобнае, міжвольна пачынаеш зусім па іншаму адносіцца да твайго наваколля, як натуральнага (мы даўно ўжо даказалі, што жывёлы таксама думаюць і развіваюцца, і дагэтуль спрачаемся наконт раслінаў – што гэта за арганізм такі і ці здольны ён на эмоцыі, пачуцці і думкі), так і штучнага (створанае рукамі чалавека, для адных гэта проста дом, проста машына, проста звычайнае крэсла, кусок жалеза, дрэва ці пласмасы; для іншых жа багаты кладзесь інфармацыі, жывы арганізм). І можна разводзіць бясконцыя палемікі наконт ерэсі ці правільнасці такога светапогляду, але яшчэ Антуан дэ Сэнт Экзюперы ў сваёй неказачнай гісторыі пра Маленькага Прынца звышлёгка ўсё расклаў: мы не проста ў адказе за тых, каго прыручаем. Мы ў адказе за нашу краіну, нашу зямлю, нашу планету. Маленькі Прынц кожны свой дзень пачынаў з таго, што прыбіраў саю маленькую планету. Мы крычым на суботнікі, што гэта – перажытак камунізма. Нам прасцей хадзіць па брудных вуліцах сваёго горада сваёй краіны і тыцкаць у гэты бруд пальцам, саромячы саміх сябе ў негаспадарлівасці (таму што на гэта ёсць спецыяльныя камунальныя службы, якія за працу атрымліваюць грошы), чым талакою выйсці з уласнага чыстага прыбранага дому (а як жа ш, мы ж не свінні, каб жыць у хляву) і падмесці каля яго. Мы лічым гэта заганаю... Я думала, што па краю паляны будзе прасцей рухацца, але мне давялося намацваць больш цалейшыя і раўнейшыя купіны. Узнікае, канешне, пытанне – чаму я адразу не адмовілася ад гэтае спробы, але перш на ўсё патрэбна пытацца – чаму я не адмовілася ад усяго падарожжа яшчэ ў Менску, калі зразумела, што выйшла нейкая памылка. Рухацца было цяжка і павольна, вельмі павольна. Я страціла адчуванне часу і арыентавалася толькі на сонца – куды яно хіліцца. Паўдня у мяне вылецела, каб прайсці наперад, але я так і не знайшла прыгорачка. Паўдня у мяне вылецела, таму што стомленасць брала сваё. Наперад я яшчэ неяк трымалася, спыняючыся на невялічкія адпачынкі, але яны ўсё больш падаўжаліся. І ўрэшце, прысеўшы на чарговую хвіліначку, я заўважыла, што мне зусім ужо не хочацца кудысь ісці. Хацелася піць. Хацелася есці. Хацелася спаць. Доўга-доўга пазірала на смоўжыкаў, што поўзалі ў траве ля ног, але яны былі такімі маленькімі, такімі харошанькімі, што мне зрабілася іх шкада і я не спакусілася паспрабаваць іх на смак. А ўжо вечарэла. Змораная, я сядзела на купінцы. Я не прайшла і паловы, хаця здавалася, што паляна гэтая дастаткова невялікая, каб адзін толькі яе край (больш мне і не трэба было) адолець за адзін дзень. Мне ўжо нічога не хацелася. Але нечакана я адчула, што хтосьці нібы як махануў каля маёй галавы. Я падняла вочы – лятала вялікая страказа. Круцілася каля мяне і зусім не спужалася, калі я працягнула ёй руку. Страказа села на маю далонь, паварушыла сваёю галоўкаю. Я запыталася ў яе – куды мне далей ісці? Істота, нібыта як зразумела, а можа, яна і прыляцела да мяне менавіта для гэтага, кіўнула галоўкаю ў процілеглы бок ад тога накірунка, куды я рухалася дагэтуль – туды, адкуль я прыйшла. Кіўнула і паляцела. Я ўздыхнула – шанца на тое, што заплечнік знойдзецца, ужо не было. Трэба было вяртацца. Я пайшла назад. І ідучы, заўважыла чырвоныя ягады, якія раслі скрозь плямамі. Паспрабавала – даволі кісленькія. І я вырашыла – калі гэта атрутныя ягады, то так і быць, а калі добрыя, то хоць голад схаваю. Значна пазней я даведалася, што гэта – касцянікі, якія ўтрымліваюць шмат карысных рэчываў. Цяпер я рухалася пераважна на гэтыя чырвоныя плямкі. Пачынала цямнець. І калі я выбралася на ўжо вывучаную мною сцежку, сонца зусім схавалася і ў чорным небе замігцелі зоркі. Я вярнулася да масточка, стала на ўзгорачак, каб які ўжо раз аглядзець возера – можа, хоць водблеск ад вогнішча ўбачу... - Жыве Беларусь! – грымнула раптам у начной цішыне. - Жыве!!! – адказаў воклічу хор. Маё сэрца падскочыла, загрукала мацней. Абыякавасць, якая апантала была мяне, знікла ўмомант. Цяпер я ведала, што заўтра, не гледзячы ні на што, я знайду сяброў. Калі мы размінемся тут – не бяда, я знайду іх у Менску, я прайду яшчэ столькі ж, колькі прайшла дагэтуль, але я сустрэнуся з імі. Не бяда, што заплечнік згублены. Праграма аднавілася і я нібыта як ажыла.
|