Вось і мяне, як іншых, прыручылі... А я ж сама ірвалася што сілы Зь зялёнага свайго кутка ляснога, Шукала іншы, болей прыгажэйшы, Мяняючы пры гэтым процьму дрэў... I вось знайшла... адно навекі кола, Дзе ў ім кручуся звыкла і нястомна I дзень, і ноч; і ноч яшчэ, і дзень... Дарэмна ж думаць, што апладысмэнты Ўжо заглушылі гром лясны ці буру, Ці кукаваньне мілае суcедкі. Ці крык сьляпой прыяцелькі-савы... Калі кручу капронавае кола I разам зь ім сама ж у ім кручуся – Я ўспамінаю па-над лесам зоры I, нібы ў зорах, гнуткую ляшчыну, Зь якой скаціўся сьпелы ўжо арэх... Грэх на душы, калі ў імшастых травах Апроч мяне ня знойдуцца нікому Крамяныя мае баравікі... О, мой наіў – далёкі і няспраўдны! А прыпамінак – пройдзе ці ня пройдзе – Бяды такой!.. Бо нехта ж ладзіў кола Не для зязюлі, мілае суседкі, Не для савы, прыяцелькі маўклівай, А для мяне – і толькі для мяне!!!
|
|