 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Смалу і дзёгаць ў пушчах дабывалі з старых, вякамі пачарнелых пнёў і мёдам залацістым налівалі рады гліняных, паленых збаноў. Аружжа цьвёрдае кавалі сабе самі, вастрылі стрэлы, нацягалі лук, часамі быў аружжам толькі камень, ці двое дужых, гартаваных рук. І дзік, і лось, мядзьведзь – асілак буры, пад сілай рук ня раз у лесе паў. Цьвярдое ложа пакрывалі скуры, кругом сплывалі зь дзераўляных лаў. Як дуб магутныя, адважныя як зьверы, адужалі ў лясох суровае жыцьцё. Перад цяжкою, кованай сякерай паганы вораг назаўсёды ўцёк. Калі-ж дружынаю за стол дубовы селі і кубкі пенным мёдам налілі – ня зналі меры буйнаму вясельлю сівыя продкі нашае зямлі. А калі князь агнём раскідаў віці, каб ісьці дружна Краю бараніць, – каўшы кідалі зь мёдам залацістым, каваць зялеза, ды смалу паліць. Пад горды сьцяг зьбіраліся дружыны, грудзямі-мурам ворага спаткаць, нашчадкам імя слаўнае пакінуць, ды родных пушчаў недругу ня даць. Гэроям сыпаліся курганы-магілы. Міналі славы поўныя вякі, аж покуль вораг хітры не асіліў, Крывіцкі род з-над Нёману ракі. Ня ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых, магутных замкаў, слаўных гарадоў, і ня прысвоіў славы на курганах, дзе тлеюць нашых попелы дзядоў. I часта вецер ноччу на магіле азьвецца стогнам волатаў сівых: – Мы Край грудзьмі сваімі баранілі, каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх? Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі, чужак сваёй краінай называў, ды слаўна племя мучыў сяньня зьдзекам і нават мове волі не даваў? Так стогнуць сэрцы волатаў магутных, як, быццам, вецер жалем галасіў, што расьце Крывія маладая ў путах ды ўнук аб славе дзедавай забыў.
1935
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|