Калі тупат каня я пачую і зазвоніць здалёк ужо стрэмя, – сэрца шчасьцем ў грудёх забушуе, з хаты выйду, цябе я сустрэну. Ды каханьнем, як яснай зарою, напаю твае сьмелыя вочы, як з каня свайго, быстрай стралою, ты на рукі, на грудзі, саскочыш. Пацалунка тады мо’ ня прыймеш, цяжка голаў адкінеш на плечы, – я расьцьвіўшай чырвонай юргіняй твае гордыя грудзі аквечу. А як больш ня устанеш да бою і на твар ляжа ліхасьць блядая, – буду думаць: імгла над ракою, ці палотны бяліць расьсьцілаю. Буду думаць: ня кроў гэта з раны – жменю пацерак нехта раскінуў; буду думаць: румяніцца раньне, ды усходзіць зара над Краінай. Не скажу, што ты рана загінуў, не пажалюся людзям, ні Богу! Для каханае нашай Радзімы й найдарожшых ахвяр не замнога.
1939
|
|