РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хата
Хата радзімая, хата старая,
што абаперлася ў садзе аб вішні,
стройна свой чуб саламяны ўбірае
гольлем, вясною аквечаным, чыстым.
 
Ў поле бязьмернае, поле далёкае,
ўбок, дзе палоскі шлях расьсякае,
сумна глядзяць твае мілыя вочы,
быццам з дарогі каго выглядаюць.
 
Мохам пратканыя шэрыя сьцены,
плот, што ля саду пастаўлены крыва,
ясна-шумлівай, квітнеючай пенай
буйная зелень вясёла прыкрыла.
 
Камень шырокі ляжыць ля парога,
гладкі, бліскучы, вітае так міла!
Безьліч бяздомных з далёкай дарогі
тут каля хаты на ім адпачыла.
 
Пэўна, ня раз ім матуля казала:
«Сядзь, папалуднуй, чужынча, ты з намі, –
роднага сына дзесь доля загнала,
можа, й яго хто пакорміць таксама.
 
Покуль жыву, сьцерагу яго мейсца,
прыйдзе – пачэсна на покуце сядзе,
хатняе стравы нап’ецца, наесца,
колас наліты рукою пагладзіць.
 
Выйдзе на поле з баронкай і плугам,
ў ціхую хату прывабіць дзяўчыну,
кончыцца боль мой і злыя нядугі,
косьці старыя пры іх адпачынуць.
 
Можа, спаткаеш? Такі цёмна-русы,
скажаш, матуля яго тут чакае.
Хай не забудзе сваёй Беларусі,
хай не зрачэцца радзімага краю...»
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.