Бацька мой родны, родзіч мой мілы. Глядзеў ты ўсьлед мне, здаецца, учора. Сёньня ня знаю нават магілы, дзе твае косьці злажыла гора. Бацька мой сільны, табе б спакойна сеяць пшаніцу на родных гонях, у дзень кірмашны вокам нямыльным ацэньваць коні. Табе б на плечы сыноў-асілкаў пакласьці рукі ў гадоў зьмярканьні і ўнукам баяць пра ўсе памылкі, пра ўсе уцехі юнасьці раньняй. Табе б ад маці лепшы кусочак, табе б зь сябрамі чарка ў бяседзе, пашана ўнукаў, апека дочак, пачэсны гонар у нашым родзе. Бацька мой родны, даруй, што старасьць тваю я сэрцам недаглядзела. Несла ў далонях сваю ахвярнасьць, несла і раптам асірацела. Дзе твае косьці сёньня? Ня знаю. Апошніх сьпеваў ужо не пачую. Хмары навісьлі над нашым краем, на родных гнёздах вораг лютуе.
1943
|
|