На саломцы тонкай У траве густой Сьпее адзінокі Колас сіратой. Ці то птушка божа Кінула зярно, Ці то заняслося Бураю яно, Ці зь дзіравай торбы Конік чый згубіў, На чужую скібу Зерне пасадзіў, – Неба яго знае, Як сюды папаў, Хто ад роднай нівы Зерне адарваў... Сушыць яго сонца, Хіліць вецярок. Ные сірацінка, Плача каласок. Плача, што няма з кім Думку падзяліць, Смутную галоўку Ціха прытуліць Да другой галоўкі, Да другіх грудзей I шаптаць аб шчасьці У цішы начэй. Апусьціўшы нізка Тонкі паясок, Ные сірацінка, Плача каласок. Плача, што дарэмна Тут расьце ў глушы, Што нідзе ня згледзіш Роднае душы, Што яго зярняткі Птушкі падзяўбуць, Белую саломку Ветрыкі паб’юць. I, падняўшы ўгору Стромкі валасок, Ные сірацінка, Плача каласок.
|
|