РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скарына
Над Падуяй неба такое наўкруг,
як сны мастакоў Адраджэньня.
Падуя – горад вялікіх навук,
славутых надзей і імкненьняў.
 
Заціхлі званы, адбылася імша,
йзноў сьпевы гучаць на лаціне.
Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша,
палачанін, Франьцішак Скарына...
 
Даўно ўжо пакінуў свой меч, і свой лук,
і Полацк, лясамі акружаны,
выйшаў насустрач свабодных навук,
па-свойму сільны і мужны.
 
Ўжо доктар навукі пад сілу яму.
З Падуі слаўнай, з чужыны,
вязе Беларусі, народу свайму
жыцьцё сваё, званьні і імя.
 
Ня князь і ня шляхціц, бяз дворні і слуг,
праз пушчы, мядзьведжыя тропы
вяртаецца доктар мэдычных навук,
першы доктар на ўсходзе Эўропы.
 
Гандлюе, квітнее наш край малады,
багаты і хлебам і рыбай:
будуюцца замкі, ўстаюць гарады,
вырастаюць у пушчах сялібы.
 
Толькі навукі, паны над зямлёй,
мовяць мовамі розных чужынаў.
I першую кнігу на мове сваёй
друкуе нашчадкам Скарына.
 
I роднае слова гучыць сярод цьмы
чужынскай, як праўда трывожная:
«Не, не для долі жывёльнае мы,
а к доблесьці, к праўдзе народжаны».
 
Простым людзям ён піша, субрацьцям сваім
дарагія, разумныя словы.
Апавяшчае ўрачыста усім:
«Бог пусьціў мяне ў сьвет з гэтай мовай».
 
Можа, словы былі як загад,
гэту мову пакутныя ўнукі
захавалі пад стрэхамі хат
для сьвятла, для дабра, для навукі.
 
Мудрасьць здолее ў цемры сьвяціць.
Загад продкаў у сэрцах ня згіне!
Будзем думаць, вучыцца, тварыць
так, як ты,
ў сваёй мове,
Скарына.
 
1965
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.