Між палёў шырокіх Я адзін стаю, Ахваціла ціша Ўсю душу маю. Ночанька мая ты, Водблеск глыбіні! Ты душу чаруеш Сьпевам цішыні. Многа ў гэтым сьпеве Водгукаў жывых, Іх ня зловіш вухам, Чуеш сэрцам іх. Ночанька мая ты, Ціхі сон вясны! Колькі зор на небе! Як блішчаць яны! Водблескам пажару Неба край гарыць – Там двурогі месяц Выплыў з-за гары. Ночанька мая ты, Ціхая дума! Не ахваціш вокам, I тых слоў няма Апісаць твой вобраз, Хараство, спакой – Толькі ў цябе ўнікнеш Чуткаю душой.
|
|