Іду штодзённа сьцежкай студзёнай. Бяру за грыву долю-каня. Здаецца часам: пяюць верацёны пад бацькавай стрэхаю аж давідна. Водгук мінуласьці, любы і сьпеўны, як хвалі калосься, як шум баравы. Матчыных рук дотык мяккі, сугрэўны, кранаецца промнем маёй галавы. Усё гэта – прывіды, здані. Вяртаньне да вёснаў, да матчыных рук цеплыні. Сялянскаю шчыраю песьняй сьвітаньня трывожыць асеньнія позьнія дні. Сумна на сэрцы і крыху балюча бяз баяў кудзельных, бяз матчыных слоў Такая у гэтым усім неўміручасьць, гаючая душу сьвятая любоў.
|
|