Ня знаю, я з гора, ці з працы, Ці зь лютых, як вораг мой, зім, Я ўжо не умею сьмяяцца, Хоць й плакаць ня ўмею зусім. Ня краты, ня цяжкасьць аковаў, Ня штык і ня люты канвой Зрабілі мой воблік суровым I душу маю ледзяной. Я собскага болю ня знаю, Ад сэрца адорваны сын, Вось толькі начамі, бывае, Мне душу трывожыць адзін. Пот ціха сьціраю з аблічча I голаў ўздымаю ізноў. На нашай зямлі не палічыш Такіх вось няшчасных сыноў. Ад сьлёзаў народных разьліву, Ад гора саломеных стрэх Замоўк мой, калісьці шчасьлівы, Жаночы рассыпчаты сьмех. Так, я ня ўмею сьмяяцца, Праменную радасьць змаглі, Ўсё ж умею, як волат, змагацца, Каб людзі сьмяяцца маглі!
|
|