РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Не хачу быць тваёю жонкаю
На падставе жадань людскіх.
Хачу песьняй быць яснаю, звонкаю
Твайго сэрца, аднак на міг.
Не такою к табе прыкаванаю
Ланцугом заржавелых праў.
Хачу мілай быць, крыху жаданаю,
Вось такою, як ты шукаў.
Не для рук, а для сэрца створанай,
Не для вуснаў, а лепш для дум,
Каб у час, калі ў сьцюжы і ў горы мы,
Разагнаць твой нявольны сум.
Хачу душу адкрыць табе сьпеўную,
Свае вершы злажыць, як дань,
Каб ты сілу меў, сілу пэўную
Для цярпеньняў і для змагань.
А на заўтра пашто загадываць,
А аб заўтры пашто сумаваць,
Край пакліча, і будзем побач мы
Непахісна ў агні стаяць.
Не для шчасьця зусім я створана,
Не для сьмелых чыіхсьць пяшчот,
Бо душа мая непакорная,
Знае толькі ідэйны ўзьлёт.
А ты сон гэтай ноччу таёмнаю,
Перапынак у цяжкім шляху,
Летуценьні душы маёй стомленай,
Без надзеяў і без граху.
Але ўсё ж, пакуль сум над старонкаю,
Ланцугі на руках тваіх,
Хачу песьняй быць яснай і звонкаю
Твайго сэрца – аднак на міг.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.