РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвяты Вечар
Ляціць сьнег на палі, над зямлёю сутоньне,
У задуме бязьлістыя дрэвы стаяць,
Блаславенны той дом, гдзе ўрачыста сягоньня
Ля Сьвятое Вячэры зьбярэцца сям'я.
 
Ляціць сьнег на палі, нагім дрэвам на плечы,
Чэша вецер задумана косы бяроз,
Цішыня на зямлі. У Сьвяты гэты Вечар
Нарадзіўся у ясьлях маленькі Хрыстос!
 
У бясьсільлі прад ім важнасьць, моц і аружжа,
I дарэмна вялікую праўду спыняць.
Прад Марыяй сьвятой, прад Дзіцяткам нядужым
Каралі на каленях пакорна стаяць.
 
Сьвяты Вечар у тых, хто Ягонай дарогай
Праз жыцьцёвыя буры адважна ідзе,
Хто спазнаў, пакахаў Чалавека і Бога,
Што любоў і збавеньне прынёс для людзей.
 
Блаславенны той стол, гдзе Сьвятая Вячэра
Ўсіх з далёкіх дарогаў склікае дамоў,
Блаславенныя людзі, гдзе праўда і вера
У братэрства народаў, ў дабро і любоў.
 
Блаславенныя тыя, што праўды жадаюць
Для маленькіх і велькіх, каб ясны ўсім лёс,
Што ня ведаюць страху, ў змаганьні трываюць
За любоў між людзьмі, што прарочыў Хрыстос,
 
I, зялёны ад пушчаў ды сіні ад лёну,
Што ад нягодаў суровых зьнямог,
Блаславенны хай будзе і Край наш хрышчоны,
Гдзе ў сьвятынях і ў сэрцах жыве яшчэ Бог!
 
Калі скрозь неспакой, а ў сэрцах трывога,
Сьмертаносныя сродкі з пагрозай растуць,
Блаславенныя ўсе, што ідуць з імем Бога,
Чалавечнасьць, як шчыт, прад сабою нясуць!
 
Дык са Сьвятам, Браты, з Нараджэньнем Хрыстовым,
Вытрываласьці ў працы, ў дабры перамог.
Там, гдзе мір і любоў, гдзе натхнёнае слова
На Вячэры Сьвятой, з тымі праўда і Бог.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.