I пярловыя хмаркі вяночкі плялі над паўсоннай імглістай прасторай зямлі, і цалункі гарачыя сонцавых кос зь сініх-сініх празрыстых сплывалі нябёс, і пралескі ўсьміхаліся ў сьцені лагчын, і ў мутной, але сіняй вадзе каляін запаляліся сонцам мільёны агнёў, – бо вясна йшла у руні палёў. I дрыжэлі знаёмыя струны ў душы, пазрываныя ў часе зімовай цішы, і хацелася некуды йрвацца, ляцець, і хацелася крылы птушыныя мець, і хацелася сьвет абымаць, цалаваць, і пяяць, і пяяць, і пяяць, і пяяць, – бо йшчэ раз за маіх пералётных гадоў ішла вясна ў зеляніне садоў!
1928, Хэлмна.
|
|