РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Годзе!
Ціха клёны лісьцё наземяць,
перажыўшы сваё
                                      на сьвеце...
Ці ж, як мы тут, журбой асеньняй
будуць песьціцца й нашы дзеці?
Дзіўна ж сум нам уеўся ў косьці,
неяк самі хінуцца сьпіны,
хай бадзёрымся часам: «Досыць!»
Петушымся: «Нас не запыняць!»
А паціху – і той закіне,
ну, і гэты ў радкі уцісьне:
«Край наш ніцы, дзяды, дзяды мы,
не дае лёс нам шчасьця высьніць!
Век нам муляе карак зрэб’е,
мы ў лапцёх пагнаілі ногі,
на застольлях у нас –
бясхлеб’е,
пазьбівала бяда парогі...»
Годзе!
Годзе нарэшце,
годзе
чарвякамі зьвівацца, поўзаць!
Хоць нас доля й дагэтуль зводзіць,
хоць ісьці нам парой і коўзка, –
насьмяёмся яшчэ і зь ліха!
Досыць падаць прад кажным ніцма!
Лепш на момант
                                      агнём успыхнуць,
чымся літасьцяй век давіцца!
Што далі нам калі чужыя?
Ці калі хто – наш плач усьцішыў?
Дось!
            Напружым пастронкі жылаў,
самі злыбеды нашы скрышым!
Ціха клёны лісьцё наземяць,
перажыўшы сваё на сьвеце.
Не,
      ня будуць журбой асеньняй
так, як мы тут, смуціцца дзеці!
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.