Я думала: якая тут вясна у шэрай пушчы неабсяжных вежаў, дзе за каменьнямі сьцюдзёнымі ня знаць нат пядзі тэй зямлі, што ў нас нарогі рэжуць? Ажно і тут яна ускрэсла і цьвіце і ў сіні зыркай над ярамі вуліц, і ў плямах сонечных на цёмнай цэгле сьцен, і ў красках, што да губ дзяўчаты туляць. Усюды, дзе ні глянь, адно людзям няўцям, яна, зялёная, свае сукае ніці, мільёнам парасткаў імкнецца да жыцьця із кажнай шчэрбіны у вулічным граніце. Сьмяецца ў галасох гарэзьнікаў малых, хвалюецца ў гудкох прарэзьлівых машынаў... I зноў бярэшся радасна сьпяліць сны, што сплылі былі із выраем птушыным. Хто ведае, мо ўлевай веснавой напоеныя, ўзыдуць, зарунеюць, пад ногі лягуць залатым жнівом і ціха зашасьцяць: «Вяжэце, жнеі!» Я думала: якая тут вясна? яе вылузацца ёй з каменнага палону. Ажно гляджу... і з кажнага гранітнага зьвяна сьмяецца ў твар яна вяснова і зялёна!
1950-1952
|
|