Шмат на сьцежках людскіх мітусьні, шмат няпраўды гаркое і болю. Ад маленства ўжо – сэрцы ў агні, ад маленства ўжо – крыўды нас колюць. Ледзьве выцягнеш рукі ў жыцьцё, – ўсё ня хлебам, каменьмі нам плаціць. Не дало б яму рады дзіцё, каб ня неба, ня сонца, ня маці. Маці... Мама... як сьціпла гучыць гэта цёплае, цёплае слова, ды ўсе жалі, ўсе жахі начы перад ім пахіляюць галовы. Маці! Колькі ж ты раз да зары над схварэлымі намі сядзела, сьцень палёгкі сачыла ў твары, грэла вуснамі сьцерплае цела... Колькі скрозь пагубляла ты сьлёз, гэткіх чыстых, гарачых і шчырых, калі гналі нас прага і лёс ад цябе, зь ветрам сінім у вырай! Мама! Любая! Ты не крыўдуй на нас, птушак няспынных, крылатых: із ТВАІМ я імём іду ў сьвет, СВАЕ гадаваць птушаняты!
1958
|
|