РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жыве Беларусь!
Радасьць жаўранкам звоніць над хмарамі,
хай ня згледжу яе, не зьбяру...
дні насталі важкія, змагарныя,
зноў
          спрабуе расьці
                                          Беларусь.
Зноў спрабуе,
із думкамі нашымі,
зь дзіўнай, кволаю музыкай слоў...
Слоў,
            што кпілі зь іх ворагі, страшылі,
што ледзь ветрам іх не замяло.
Наша ж мова –
                                  цудоўная, сьпеўная,
ўмее сьпелым калосьсем шумець,
галасіць навальніцай улеўнаю,
верасьнёваю медзяй зьвінець.
Мова наша – выкутая з золата –
не йржавее,
блішчыць,
зігаціць.
Гэта мова паэтаў і волатаў,
скарб, які нас трымаў пры жыцьці.
Каб ня мова,
                            даўно б мы растаялі,
расплыліся б імглой між чужых,
зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю...
Але з мовай –
                                і мы будзем жыць.
Будзем жыць!
Днямі яснымі, новымі
пойдзем, пойдзем з табой у гару,
наша жытная
і васільковая,
несьмяротная Беларусь!
 
1942, Менск
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.