РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Рукі заломвалі
Скразьнякі.
Слухаў я,
Цішы палоньнік,
Бяссоньнік:
Плакалі ў ціхую ноч
Цягнікі.
Білася кропля
Аб падаконьнік.
 
Вочы сьвіталі твае
Нада мной.
Пальцы спагады
Перапляліся.
Трызьнілі
Д'яблы даверу
Маной,
Шалу анёлы
Стаіліся ўвысі.
 
Ласка твая,
Як праз пальцы
Ручай:
То апячэ,
То сьцюдзёна заные.
Не прыручыць іх,
Як ні прыручай,
Дзьве недаткнёнкі –
Дзьве дзічкі лясныя.
 
Ціша
Хмурынкай найшла праліўной.
Неба спрыяла
Нейкім там вегам.
Пахла адлегласьць
Адлегай,
Вясной.
Сьнежань ня мог
Адкупіцца сьнегам.
 
Прэч
Асьцярога пайшла нацянькі,
Золак займаўся –
Адчаю паклоньнік.
Вылі ў працяглую ноч
Цягнікі.
Білася кропля
Аб падаконьнік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.