РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ода ходзікам
Ідуць няспынна ў цішыні на ўлоньні,
Сваю дакладна службу несучы.
На ходзіках даступны
Час няўлоўны:
Навобмацак пазнаеш уначы.
 
Вагу з гадамі траціць нават гіра,
Нагрузкаю грамадскаю – замок.
На знос працуе ўся сістэма шчыра,
Пытлюе час заведзены млынок.
 
Каля млына ня бойся запыліцца,
Мука гадоў – сваячка сівізьне.
Лучынка,
Каганец
I запальнічка
Сузорны цыферблат сьвянцілі ў сьне.
 
А на дванаццаць зводзяць стрэлкі,
Быццам
Бяруць за крылы пеўня, каб скарэй
Зьвязаць і на базар –
Абы пазбыцца
Гарластага заступніка курэй.
 
Бяз стрэлак,
Як бяскрылыя стракозы,
Ня хочуць здацца ходзікі бядзе.
Ланцуг казычуць колцы
I стракочуць,
Напамінаючы, што час ідзе!
 
Сьпяшаюць колцы сьцежкай ланцужковай,
Сьляды
Зноў паўтараючы свае.
Гады
Імчацца вучнямі са школы.
Зязюля вылятае, гнёзд ня ўе.
 
На ходзікі зірнеш, і не ўцярпіцца
Перацягнуць гадоў сваіх ланцуг.
Сьляды прапалі,
Зьніклі промні-сьпіцы,
Ня ўгледзіш ветрагонаў, валацуг.
 
Маленства нізкастрэхага куранты,
Няўседлівага часу хадакі,
Пакуль мы мітусімся, кватаранты,
Яны ідуць няўмольна,
Як вякі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.