РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Матчыны рукі
Удару я ў ладоначкі,
У залаты пярсьцёначкі, –
Ад песьні маладой дачкі
Сьвятлела гора цёмначы.
 
Ладоначкі далонямі
Рабіліся шурпатымі,
Ля ручая халоднага
Азябла зрэб'е праталі.
 
I залатой саломаю
Сяньнік калоўся восеньню.
З салоўкам сны салодкія
Ішлі за статкам, босыя.
 
На мурагі зялёныя
Ланцуг гадоў раскручваўся,
Сьціскаў ён пальцы звёнамі –
Персьцёнкамі балючымі.
 
Нажнічак колцы
Мулкімі
Пярсьцёнкамі пасьля былі,
Вязалі пальцы мукамі
I вузел не паслабілі.
 
Былі вы, пальцы маміны,
У злога швіва вязьнямі.
Як не хапала краміны –
Напарсткам долю ясьнілі.
 
А зь песьні ўсё татулечка,
Сон да падушкі тулячы,
Прасіў дачку лагодную:
– Ня бі, ня бі ў ладоначкі...
 
Гады, як пласкадоначкі,
Сплылі.
Шуміць трысьцё ўначы:
– Ня бі, ня бі ў ладоначкі,
Ня псуй, ня псуй пярсьцёначкі!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.