У белым кіпені сады, У белым вэлюме маёвым. Ды не прыйсьці назад туды – Там толькі роздым вішняковы. Ды не прыйсьці усьлед за той Падзеяй, слаба прамільгнуўшай, Калі зьняверам, як вайной, Разрабаваны нашы душы. Ах, не прыйсьці назад туды... Але нашто? Зь якое мэты У тыя белыя сады, У летуценныя гады, Дзе ні трывогі, ні бяды Ні за сябе, ні за планэту?.. Ды выбежыць цераз гады Той вобраз, што ня стаўся словам: У белым кіпені сады, Дзяўчынка ў вэлюме маёвым. Ёй не прамоўлю: «Пачакай, Перачакай пялёсткаў замець...» Бо ўпершыню паклікаў май, Бо і самой прыйшло на памяць, Што абнавіўся сьвет зь вясной, Што нездарма сьпяваюць сьцежкі, Што варта жыць дзеля адной Маёвай сынавай усьмешкі.
|
|