РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я семнаццаці год.
Ах, як пахнуць высокія травы!
Не заблытацца ў іх –
Нерэальна, напэўна, было б!
Я семнаццаці год...
I яршыняцца ў лузе атавы.
А ў пракосах у бацькі –
Высокі нахмураны лоб.
 
Ён праводзіць мяне
Да прыпынку,
Што выгнуўся крута,
I на тым павароце
Стаіць незалежна, як лёс.
Вось прабегла імгненьне,
Затым – залатая мінута.
I клубіцца ўжо пыл
Вечаровы з-пад дрогкіх калёс.
 
Пачынаецца даль.
Нізка хмары плывуць табунамі.
Я вярнуся сюды,
Толькі белая наквець міне.
Сенакосная глуш.
Сенакосная ціш паміж намі.
Сенакоснае слова
Яшчэ засталося пры мне.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.