РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я вас люблю
«Я вас люблю» – няма каму сказаць?
А мне ў любві да скону не змыліцца:
Я вас люблю, лясы і сенажаць,
Старая вёска, новая сталіца.
 
Мы ў сэрцы носім радасьць і грахі
I распраўляем пераможна крылы.
Я вас люблю, айчынныя шляхі,
Я помню вас, забытыя магілы!
 
I знаю: дзень пражыты недарма,
Калі перажываю і хварэю,
Калі прад імянной сьцяной – сама,
Нібы сьцяна, ад жудасьці бялею.
 
Падлесак – сын мне, бор вячысты – друг.
Зіма зажурыць – разьвяселіць лета.
Цябе люблю, патрыярхальны плуг,
Цябе – у страшным космасе, ракета.
 
Люблю я вас, сівыя мацяркі,
Што аж дагэтуль гояць боль па дзецях,
Што вы мне ўсе – нібы мацерыкі,
Якія хочуць міру на планеце.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.