Паляшук – народ рахманы, Слоў ня купіш за пятак. Лес тралююць. Пах смаляны. За сялом вішчыць тартак. Ходзяць кірзавыя боты. – Ты куды ляціш, дзяўчо?! Тут свая, браток, работа: Схібіш – шахне па плячо. Ох, і злыя ў дзядзькі кепікі! Але весела глядзіць Вока ворана з-пад кепкі: «Прошу, пані, не хадзіць». А хоць падай на калені – Будзеш лішні элемэнт. Загарэлі, як бярвеньні, Сьпіны ўзмоклыя нашчэнт. Рух мой, голас невядомы, Сэрца плаўная іртуць, Прыгнятай душу да стомы, Каб – народную адчуць!
|
|