Як глянь: бярозы сьвечкамі, Нязманлівым сьвятлом – Над перакатнай рэчкаю, Над ціхім азяром. Юнацтва бессардэчнае Сплыло, нібы паром, Над перакатнай рэчкаю, Над грозным азяром. Ды родны край баронячы, Праз жыта, празь ільны – Усё яшчэ, усё яшчэ! – Ідзе салдат з вайны. Ідзе ён цёмнай ночанькай, Ідзе сьпякотным днём, Бо ўсё яшчэ, бо ўсё яшчэ Планета пад агнём. Як завіруха белая, Як белая сьцяна, Нявеста пасівелая Прымоўкла ля вакна. Гудуць вясельлі новыя Ў суседак на двары. ...Дзьве чаркі палыновыя Зь мядовае пары. Дзе, пад якою зоркаю Варушыцца курган? I шэпчуць вусны згорклыя; «Іванечка, Іван!» Юнацтва бессардэчнае Ударыць, нібы гром, За перакатнай рэчкаю, За цёмным азяром.
|
|