Бывай, дарагая мне Прага!.. Ты ў белы прыбралася іней калі карабель мой жыцьцёвы прыстаў на Вэлтаве сіняй. Адвагі было ў мяне мала, настрой – беларускі, гаротны. А ты сьнегам места прыбрала так белым, як нашы палотны! Ляцелі, як быццам-бы зоры, танцуючы зь ветрам сьняжынкі, у бель яны строілі горад і цешылі сэрца чужынкі. У неба цягнуліся вежы, так стройна, як нашы таполі, хоць вецер ня гнуў іх на межы і вокал ня слалася поле... Усё-ж ў ноч, калі сьніліся краскі і сум крышыў сэрца ў аковах – мне баяў таёмныя казкі граніт гэтых вежаў вяковых. Бывай, залацістая Прага!.. Мой парус кірунак ўжо меніць... Успомню цябе я няблага за казкі і сэрца каменьняў. За прыязьні даўняй азнакі, за кажнага Крывіі сына – прыймі сяньня, Прага, падзяку ад ўнучкі Франьцішка Скарыны! Глядзі, як вякі ўжо, з адвагай ў апеку сьвятога Вацлава... Бывай, дарагая мне Прага, бывай ў пене срэбнай Вэлтавы...
|
|