РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сава і Марыя
Мой паклон табе сардэчны, хата
(Дзякуй, што і я ў гасьцёх была!).
...Зьберагаў хто сэрабро і злата,
А Марыя Саву берагла.
 
Колькі часу лютая стыхія
Апякала вогненнай вайной...
Гарачыўся: «Кінь мяне, Марыя!
Як са мной – то лепш ужо адной».
 
А Марыя ветла ушчувала:
«Саўка, не іграй, нібы ў кіно».
Мыліцы пасьпешна падавала,
Адчыняла ў белы сад акно.
 
I дарожак зьбітых не лічыла,
Чорны скарб трымаючы ярма.
Колькі год прайшло з тае, Айчыннай, –
Гэтулькі! – адхланьня ім няма.
 
Секане па сэрцы слова «тата».
Слова «мама» – громам ля вушэй.
Сьцеражэ хто сэрабро ды злата,
А Марыя – Саву сьцеражэ.
 
Ой вы, косы доўгія, сівыя,
Ой ты, сукні выцьвілай скалых!
Як малітву: «Сава і Марыя!»
Вымаўляю я імёны ўслых.
 
Калі хто пра сэрабро ды злата
Мысьліць у чаканьні перамен,
Вашая,
              над Ясельдаю,
                                                хата
Перад цэлым сьветам, як рэнтген.
 
Калі сэрца падае ў адчаі
I трасе мяшчанскі землятрус,
Вашымі бяссоннымі вачамі
На мяне глядзіцца Беларусь.
 
Ой вы, ночы доўгія, глухія,
Думак неадольных асаўё!
Гой, ты доля – Сава і Марыя –
Прычашчэньне церпкае маё.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.