Ах, верасоўе, золкавыя ранкі! Сухім гальлём гады зашамацяць. Гурмой на ўзьлеску высыплюць паганкі, Нібы далей няма чаго шукаць. Дубоў ды сосен сьцішаная варта. Тут лепшы грыб ня возьмеш напавер. Стары лясьнік падсыпле жару-жарту: «Глядзі, чым мухамор – не кавалер?» Стары мудрэц, – ён, як ігліца, колкі, А вокі два – як водбліск васількоў. ...Я лезу, прабіваюся празь ёлкі, Праз кіяхі арэхавых званкоў. Так шчодра наталяюся расою. Ужо, бы квач, цяжэе чаравік, Зашыўся ў мох, цікуючы за мною, Баярын бору – горды баравік.
|
|