РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Б’юць хвалі прыбоем
Б’юць хвалі прыбоем з радзімых крыніц,
ажыўчыя воды ракочуць задорныя,
і вольная песьня, ня знае граніц,
б’е звонам у небе з грудзяў непакорных.
 
Хто спутае хмары і зьменіць іх бег,
хто воблакам плысьці іначай раскажа,
і, глянуўшы ў душу людзкую глыбей,
хто дум пераніжа натхнёную пражу.
 
Шляхотныя рукі магчыма скаваць,
сумленьне бывае, грашамі заплацяць,
а думаў арліных нам сьмерцю стрымаць
найбольшы ў сьвеце тыран не патрапіць.
 
Іх вольнаму лёту бязьмежны прастор,
ля хат разальюцца як рэкаў разводзьдзе,
з прыземных нізінаў імкнуцца да зор,
то сонцу насустрач у расплаўлены поўдзень.
 
І вольнае песьні, што служыць багом
ніхто не зьняволіць, ніхто не заплаціць,
захоча, шле словаў караючы гром,
захоча, лялее сумуючых брацьцяў.
 
А крыльлі параніць ля дротаў чужых,
памостам расьсьцеле міражныя гоні,
йдзе звонка палём зарунелым служыць
і ласкаю вернаю любых агорне.
 
То быццам бы бура, то лёганькі ўздох,
а сэрцы людзкія і говіць і раніць,
разжаліцца просьбаю – слухае Бог
раззвоніцца праўдай, баяцца тыраны.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.