РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Помню Прагу, вясьняныя сьвяты.
Адхіляючы цюль ад акна,
з поўнай чарай, да сонца паднятай,
я стаю ў задуме адна.
 
І пад шум дарагіх лімузынаў,
галаву адкланіўшы назад,
п'ю за нівы, лясы і даліны,
п'ю за шчасьце пакінутых хат.
 
Задрыжэла крыштальная чара,
сэрца болем туга заліла.
Беларусь дарагая, ня дарам
я Табе свае дні аддала.
 
Сёньня ў думках Цябе я вітаю,
п'ю салодкую чару віна.
Можа заўтра бяз скарг, дарагая,
за Цябе вып'ю горыч да дна.
 
Поўнач. Сьцюжа. Вясьняныя сьвяты.
Церазь бераг аж пеніцца боль.
Прада мною кірка і лапата,
але думы заўсёды з Табой.
 
Жоўць спаліла мне горыччу вусны,
але чара ня падае з рук.
За здароўе сваёй Беларусі
я яе ўздымаю ўгару.
 
Як калісьці сьвятое прычасьце
зь яснай чары ля царскіх варот,
п'ю свой боль, як вялікае шчасьце,
за каханы крывіцкі народ.
 
1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.