Дрэнна маё жыцьце, Ўсё ідзе не ў лад, I крычаць мне ўсюды: «Асадзі назад!» Божа ты мой мілы! Б’юся я, як гад, Толькі ж дзе ні ткнуся – «Асадзі назад!» Помню, я жаніўся, Добры быў мой сват. К дзеўцы нос паткнулі – «Асадзі назад!» Дзеўка была важна, Ды сусед Кандрат Мне нагу падставіў – «Асадзі назад!» Трапіў раз у горад, Быў якраз парад, Лезу я наперад – «Асадзі назад!» У засеках пуста, Жыта выбіў град. – Дай, старшынька, ссуды. – «Асадзі назад!» Я з капейкі зьбіўся, Зарабіць я рад. – Ці няма работы? – «Асадзі назад!» Сам я растрапаўся, Лезе з плеч халат. – Памажэце, людзі! – «Асадзі назад!» Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. – Вось мой сын, паночкі! – «Асадзі назад!» Хлеб прыслалі ў вёску, Там галодных шмат. Пруся я зь мяшэчкам – «Асадзі назад!» Галаву я маю: Быў бы дэпутат. – Цэнзу ты ня маеш, «Асадзі назад!» Праўда, што таіцца, Быў і мой чарод: Два разы на жыцьці Выйшаў я ўпярод. Ўзбунтаваў я вёску. Ой, быў цяжкі год! Прыязджае прыстаў: – Выхадзі ўпярод! Гэта ты, мярзавец, Ўзбунтаваў народ? Гэй, гарадавыя! Даць яму ўпярод!
1908
|
|