Стаў чырван месяц круглаліцы, I зоркі боязна дрыжаць, А там крыжуюцца зарніцы, Бы косяць неба-сенажаць. Бурліць крыніца агнявая, Бы нейкі грозны віхар-вір, I бляскі-іскры разьлівае, Як залаты агністы жвір. Замоўк клапотны дзённы голас, Усюды сон, спакой ляжыць, На ніве чутка дрэмле колас, I ліст на дрэве не дрыжыць. Люблю я ночы той час дзіўны, Калі прастор, абняты сном, Пабудзіць голас пераліўны – Далёкіх хмар магутны гром, Калі працягла заракоча, Гугухне голас угары, I шыба ў вокнах забразгоча, I гоман пойдзе па бары. А хмара грозна націскае, Маланка неба баразьніць. А ночка сьпіць, а ноч ня знае, Што зараз бура зашуміць.
1910
|
|