РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Перад бураю
Сінь і глыб бяз конца-краю,
Ціш і згодачка сьвятая
Неба, землю абнялі.
 
Сонца зранку жарам пыша,
Ветрык лісьце чуць калыша,
Вее чуць паўзьверх зямлі.
 
Лес і поле з збажывою,
Апавітыя смугою,
Задуменныя стаяць.
 
І сярод цішы нясьмела
Над зямелькаю зьнямелай
Сталі хмары вынікаць,
 
Ды так ціха, так пужліва,
Нібы зданкі або дзіва
Невядома скуль ўстае.
 
Шырыць сонца клуб іх белы
І маланак-громаў стрэлы
Ім на страх зямлі куе.
 
А зямля як бы замлела,
Толькі дуб стары нясьмела
Зрэдку лісьцем павядзе.
 
Змоўклі ўсе вакол абшары,
Бо замысьлілі штось хмары...
Ой, знаць, бура загудзе!
 
1916
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.