Баляда Франьцішка Багушэвіча
|
21.03.1840 – 28.04.1900
|
380 Яснавяльможнай пані, напэўна, вядома, што яе высакароднаму сыну я абавязаны ўсёй сваёй будучыняй; мабыць, і да сяньняшняга дня я абіваў бы без усякай карысьці віленскі брук, калі б не ягоная шляхетная дапамога... #Зь ліста Ф. Багушэвіча да А. Карловіч ад 26 жніўня 1865 г., Нежын
Лукішкі. Пляц. Натоўп маўчыць, чакае. Пятля чарнее, як зьмяя, якая З усходу прыпаўзла да нашай волі, Каб мы ня зналі лепшай сьветлай долі. І ты ў натоўпе, быццам сэрца ў целе Паўстанца, што яшчэ жывы, але Надзею на змаганьне ўжо ледзь цепле. Жыцьцё, як сьнег на веснавым сьвятле, Зьнікае і сьлязой цячэ па твары, І ўжо Кастусь, нібы ў звана язык, Вісіць пад небам, дзе дымяцца хмары, І ты ў натоўпе, як у горле крык, Стаіш, ня знаючы, як жыць у Вільні Цяпер, калі натоўп маўчыць, чакае, Калі пятля нібы зьмяя жывая І Вільня ўся нібыта склеп магільны, Зь якога хочацца ўцячы, каб жыць, Каб потым скрыпка з дудкай на крыжы Заплакалі аб лепшай, сьветлай, долі... Нічога ўжо ня зьменіцца ніколі, І ты па бруку віленскім брыдзеш, Нібыта крыж у Беларусь нясеш...
28.III.2005.
|
|