Баляда Алеся Асташонка
|
1.06.1954 – 6.09.2004
|
Учора – бяздоннае мора, Куды адплываем штохвілі. І нельга вярнуцца з Учора, Калі човен твой разбурылі, Спалілі ў чужое далечы. Твой попел прынесьлі дамоў, Нібыта сказалі, што вечны Адзін толькі попел. Любоў – Віно, і яно ў час вясёлы І п’ецца, і льецца ракой, І круцяцца жорны і колы, Ды словы, як лісьце зімой, Зьвіняць на вятры адзінока Пад небам, нібыта пад шклом, Дзе месяц, як д’яблава вока, Гарыць спакушальным агнём, Вярнуцца хоць попелам стылым, Хоць сьнегам, што ў ноч на дамы Зьляціць з-пад аблок белакрыла, Каб раптам успомнілі мы, Што Ўчора – бяздоннае мора, Куды адплываем штохвілі, І нельга вярнуць нам з Учора Нічога, што ўчора любілі.
14–15.IX.2004.
|
|