Далёка, нібыта ад сонца, ад маці-краіны З Малітвай у сэрцы за родны і любы народ Глядзела ў чужыя нябёсы яна, і ўспаміны, Нібыта вугольле, нібы акрываўлены лёд, Душу праціналі наскрозь і ў былое вярталі, У голад, у холад, у дым непраглядны вайны, Дзе словы, як кулі, і кулі, як словы, траплялі І ў сэрцы людскія, і ў крылы жаданай вясны. А неба было, як было па-над ціхаю Вільняй, Глыбокім і сумным, як тыя азёры, зь якіх Глядзяць нашы продкі сівыя спакойна і пільна, Хоць часам у нас і ня бачаць нашчадкаў сваіх. Ёй сонца з-за хмараў здалёку, як маці-краіна, Душу асьвяціла на міг, а хапіла – на век, Каб дрэнныя думкі расталі, нібыта ільдзіны, А сонца застыла ў вачах, нібы крыж на царкве. ...Гады праляцелі, як травы сухія згарэлі, Але засталіся Малітва і родны абсяг, Зь якімі да зорак ляцім і ляцім, як ляцелі, І сьлёзы, як зоркі, як вершы, кіпяць у вачах...
17.IX.2003.
|
|