Баляда аб асуджаных і аб чалавечым «даруй»
|
Можа, у Даласе, можа, ў Бейруце, Мо на Марсе, а мо на Зямлі Праз паклёп, і прэнг, і пакуты Чалавека ў сьмерць прывялі. Чэрап свой заціснуўшы ў рукі, Ён спасьцігнуць ня мог галавой Ўсю нязьмернасьць жыцьця і мукі, Ўсю нязьмернасьць сьмерці сваёй. Ён ня мог зразумець адзінага, Ён ня выцісьнуў, як ні тужыў, Разуменьня апошняй хвіліны, Разуменьня апошняй мяжы. Сам-насам, бяз думкі аб цудзе Разлучаўся з сабою ў вяках, З добрым шчасьцем, якога ня будзе, Злом, што будзе дарэмна чакаць, Зь незламаным бэзам і горам, Зь лепшай думкай, падобнай на стрэл, З тымі дзецьмі, якіх ня створыць, І зь людзьмі, якіх не сустрэў. Зь ненапісанымі радкамі, З таямніцай роднай зямлі, З прагай неба і, ўрэшце, з рукамі, Сьветлым дзівам, што ўсё маглі: На арэлях дзяўчыну гушкаць, Біць рыдлёўкай засохлы глей, Кельму ўзяць або выпусьціць птушку, Чару ўзьняць або даць на хлеб. І раптоўна павязка ўпала, Вочы ўгледзелі зноў зару. І раптоўна яму сказалі: «Мы дарэмна цябе катавалі. Калі можаш – забудзь і даруй. Дай сваё дараваньне небу, Што заўсёды бачыў з вакна, І айчыннаму жорсткаму хлебу, І Радзіме нашай, І нам. Кінь муры і забудзь аб "гуме", Ўсім прабач і ў жыцьцё ідзі, І застанься зь зямлёю і думай, З гэтым сонцам Адзін на адзін». І ад слоў, як вясёлкай сьветлай, Сьвет размыла і павяло. О найлепшае сонца ў сусьвеце: Сьмех вачэй, што бачаць сьвятло! «Усім дарую. Усім дару я Дараваньня лёгкай рукой, Ўсім праменьням, што ў кратах шаруюць І ў палацы плывуць ракой. Нават каменю. Нават лёсу, Аб якім калоцімся мы, Нават тым няшчасным калосьсям, Што ўзрасьцілі хлеб для турмы. Нават дурню злоснаму, Богу, Што на зьдзек нас стварыў. І аднак...» (Можа, ён не сказаў такога, Але думаў напэўна так.) ...Рак пракляты, што лапамі злымі Разрастаецца ў плоці жывой, Калі вы сябе зьвеце – Радзіма, – Не дарую Радзіме такой. Не дарую ад веку... да веку... Буду жыць ці ня буду жыць. Чым настрашыце вы чалавека, Што вярнуўся з апошняй мяжы? Самай жорсткай павязкай грубай Не пагасіць ніколі зло У вачох маіх гонар і любасьць І прыўкраснае сонца сьвятло.
1969
|
|