Мой край ваўкі зубамі шкамуталі. З вачэй, закінутых журботна, сьлёзы, Зьмяшаўшыся з крывёй, на дол плылі. Я простым быў. Я ўсё жыцьцё хацеў Алівы ўзрошчваць, абвадняць пустэчы, На сьвяты ў недалёкім гарадку, Пот змыўшы зь цела, танцаваць зь дзяўчынай... І ўсё забыў, бо ў мой пясчаны край Прыйшоў філісьцімлянін. Я ня мог... Забыў дзяўчат, саху, спакой і волю. Адное засталося – сіла зброі. Адное засталося – песьні гневу. І я узьняў свой сьцяг. І легіёны Пайшлі за мной. У гневе ярай бітвы Я перамог амаль. І толькі сэрца Ўсё тым жа засталося, чалавечым, І сумавала па садох і хаце, Па простых радасьцях і па каханай, Па ўсім, перагарэлым у сутычках, – Што я забыў. Адпомсьціла яно. Зьвяло мяне з падступнай і пяшчотнай... Прыгожая – яна была каханай. Далёкая – яна была жанчынай З вачыма Божай Маці на іконах. І з ротам сучкі прагнай. Цэлы век Мяне трымала ў радасным палоне, І добрым называла, і прыгожым, І пальцамі, слабымі, як пялёсткі, Адняўшы сілу, выдала чужым... Стаю, хістаючыся, над сталамі, Прыкуты ёю да калон варожых, І чую музыку, і гром кімвалаў, І сьлёзы блізкіх, што рабамі сталі... Няма, няма заступніка у іх! Але найгорш, найгорш мне кроіць сэрца, Што чую голас дарагой і любай І пацалункі – ката і яе. І трызьняць вочы цёмныя, сьляпыя, Успамінаючы парог бацькоўскі І маці, што прадзе штовечар воўну На камені яго... О гэты сьмех Прыгожай сукі у раскошнай зале!.. Што можаш ты паставіць супраць Маці! Усе твае надуманыя словы – Хлусьня, як ты сама. А маці ёсьць. І сонца ёсьць. І ёсьць мая Радзіма. Я сын яе. І я ў крыві ўстаю. Хістаюся. Ўстаю і ажываю. Я буду жыць. Я зьнішчу вашы вежы, І род твой на зямлі забудуць людзі. Ты памылілася і гэтай здрадай Такога ворага братам прыдбала, Якога ў іх ніколі не было. Хістаюцца калоны! Дах трасецца! Няхай загіну, але разам з вамі, Таму, што я сьляпы, таму, што цёмны, Прададзены багамі і табой.
1969
|
|