Чорнае сонца над полем плыло, Быццам люстэрка таго, што было, Быццам забітае слова «люблю» Ціха пакінула нашу зямлю І над зямлёю, як прывід, плыве, Не разумеючы, што не жыве, Як не жыве пад нагамі лісьцё, Колер згубіўшы і стаўшы сьмяцьцём... Чорнае сонца над намі плыло, Быццам з далёкіх планэт НЛО, Быццам бы поўная бочка віна, Быццам бы наша з табою вясна, Чорным быльлём засяваючы час, Чорнаю кропкаю стала для нас... Чорнае сонца над сьветам плыве. Мы, як мурашкі ў высокай траве, Сонца ня бачым, бо сонца, як дым, Вочы нам сьлепіць, пакуль што жывым...
|
|