Сьніў я сон, быццам нехта пяшчотна мяне крануў. Чуў я словы пяшчоты, прывабныя, як міражы. Сон кагосьці здаўна мне вярнуў, пазабытую, але адну, Зь цемры згаслыя гукі вярнуў да струны, ўваскрасіўшы струну. І яна зазьвінела – у явы і сну на мяжы. І на гэтай мяжы я цябе зьберагаў, як агонь трапяткі, Як хвіліну дрымоты апошнюю мы беражэм Ад павеваў і пахаў, ад сонца, ад дотыку грубай рукі, І ад песьні дажджу, і ад думкі, што нас сьцеражэ. Бо ня ведаў – і ведаў, – што дзень узьляціць, як ласо, І пацягне бакамі мяне па пяску і траве Да турбот, да жыцьця, да шумлівых яго галасоў, Да згрызот, забыцьця, да імклівых дарог і лясоў, Да ўсяго, што навекі цябе ад мяне адарве, І ўпадзеш ты у змрок, як сьляза, як згасаючы дзень, І навекі ты ў цёмных, бяспамятных згінеш вяках Ў міг апошні дрымоты, як толькі наяве ўпадзе Не на грудзі твае, а на ложа пустое рука.
1969
|
|