Я нікому ня здрадзіў, тым болей – Радзіме, Што мяне, нібы дым, над сабою падыме, І схаваецца ў дыме, нібыта агонь, І жывой застанецца, і меч на далонь Пакладзе, і вазьму я наш меч, і пайду Родны дом бараніць і жывую ваду У крыніцы, якая цячэ з-пад крыжа, Як з-пад сэрца да Бога ўзьлятае душа... Я нікому ня здрадзіў, ня здраджу ніколі, Як валун, што ляжыць затравелы на полі, І здаецца, што ён не патрэбны нікому, Нібы помнік у полі салдату жывому, Што вярнуўся дамоў, і свой дом не знайшоў, І, нібыта да сябра, на поле прыйшоў, І, абняўшы валун, расказаў пра нядолю, І валун пакаціўся па чыстаму полю І зрабіўся для роднага дома сьцяною, Пад якою, магчыма, загінем з табою За валун, што на полі, за тыя крыжы, За якія ў нас сёньня кідаюць глыжы...
|
|