Сасновы лес. Туман, нібыта дым, І цішыня, нібыта час спыніўся. І купал неба над жыцьцём маім Аблокамі, як фрэскамі, сьвяціўся. І я стаяў на беразе ракі, Нібы Харон, які свой човен страціў. Ля ног маіх туманныя ваўкі Ляжалі, іх я, адзінокіх, гладзіў. І я зьнікаў з жыцьця, нібы са сна, Які прысьніўся мне ў далёкім сьвеце. І праз раку засохлая сасна Ішла і несла на галінах вецер... І вецер зашумеў. І зьнік туман, І час пайшоў, і далеч пасвятлела, І лес зайграў, як велічны арган, І музыка, нібы анёл, ляцела Пад купал неба над жыцьцём маім І ў вышыні бяздоннае зьнікала, Так, як зьнікае па-над сьвечкай дым, Так, як – раса, што на пясок упала.
|
|