Травінкай кволаю сярод травы Ты шэпчаш небу, што яшчэ жывы. Але цябе няма, як не было. І час цячэ, нібы рака цячэ, Нібы сьляза ў каханай па шчацэ Нясе з душы памерлае сьвятло. І ўсё забудзецца празь нейкі час, І зьнікне ўсё, як і ня будзе нас, І застануцца груды ад царквы. Але ты быў, і будзем мы з табой Пад небам, нібы пад рачной вадой, Травінкамі сярод травы...
|
|