Па туманах касых Вінаградныя вусікі Ўюцца, Ўюцца І імкнуцца спаймаць Малады І гарэзьлівы месяц. За глыбокія вочы твае, Што ў тумане, Блакітным тумане Сьмяюцца, Хай мяне на праменьнях Туманных, Абвітых, Спайманых Праменьнях Павесяць... Ах, як вішні цьвілі! Як здрадлівая Белая мара! Зацягнулі, Завабілі Песьняй Птушынай сваёю. А цяпер у завулках, У завулках Так плача гітара Ненадзейнай, Пакінутай, Цалкам адрынутай, Цалкам жаночай Тугою. О, як хочацца жыць! Што з таго, Што вясеньняй парой Зь вішань квецень Зьляцела Завеяй, Пяшчотнай І сіняй. Што з таго, што калісьці Памруць Пад асеньняй Халоднай касой Залатыя вяргіні... Вяргіні... Вяргіні... Дваццаць год яшчэ можна кахаць! Дыхаць квеценьню, Летам і маем. Дваццаць год Вінаградныя вусікі Будуць віцца Па месячных струнах... Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць, Ах, няхай яны мякка спаймаюць Гэты месяц гарэзьлівы, Месяц вясёлы І юны.
1969
|
|