Божа рэк, ажані Мой Дняпро з прыгажуняй Акой. У яго – крутаяры ў зэніт, У яе – лукавін спакой. Ён мужчына. Над ім – курганы, Зьмеі сонцаў – кронамі ўніз. А над ёю – пракосаў сны І дзявочых сьвятліц агні. Ён ад страсьці рве берагі, Асіянаўскі месяц над ім, І туман плыве на лугі, Быццам бітвы паўночнай дым. Трупы мокрыя чорных дубоў, Нібы яшчары ў берагах, А на дне – карагоды віроў І дрыжачых багновак жах. Месяц кроў пралівае ў яго, Кроў сьцякае з ласіных губ На патопленых даўніх багоў, На бязьмежную іх тугу. А над ёю жаўрук пяе, І калі сьмяецца зара, Кісьці скрыпня над ложам яе, Як вясельныя сьвечы, гараць. Калі хочуць стракозы піць, Ў самы ярасны сонечны ўзьлёт У гарлачыках окскіх сьпіць І ня тае блакітны лёд. У сьвяцёлках яе агні Здаўна мараць аб сіле такой... Чым Дняпро табе не жаніх, Не сьцяна для пакоры тваёй? Чым ня муж табе, не жаніх, Не любоў для любові тваёй? ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Божа рэк зямных, ажані Дняпро з прыгажуняй Акой.
15.VІ.1963.
|
|