І трэснулі сьцены ў кватэрах, Чарнеюць у трэшчынах краты. Маўклівыя пэнсіянэры Завылі, нібыта вар’яты. Заплакалі дзеці ад жаху, Мужчыны ад суму занылі. А чэрці гарцуюць па даху – Іх зь пекла на волю пусьцілі. І толькі паэт непрызнаны На жахі зірнуў, як на будзень, Сказаў, пляшкі зносячы ў ванну: – Яшчэ, брат, ня тое ў нас будзе! – А што ў нас тут будзе такое? Скажы, і цябе мы палюбім! – Завыла ўсё шэра-гнілое: – Ня то як сабаку загубім! Паэт жа зацішыўся ў ваннай І выпіў апошнюю пляшку За вочы сьляпыя прызнаных, За музу – п’яную манашку. А сьцены трашчэлі ў кватэрах, На вокнах чарнеліся краты. І ў Бога надумалі верыць – Хто божай спагады ня варты.
|
|